СО́ЖСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура позняга мезаліту (6—5-е тыс. да н.э.) у бас. Верхняга Дняпра. Назва ад месцазнаходжання найб. даследаванай стаянкі Горкі на Сажы. Вылучана ў самастойную культуру ў 1960-я г. У.​Ф.​Ісаенкам па матэрыялах раскопак К.​М.​Палікарповіча. Паселішчы С.к. размешчаны на берагах рэк на першых і другіх надпоймавых тэрасах, часта паблізу выхаду крамянёвай сыравіны. Асн. заняткамі насельніцтва былі паляванне. рыбалоўства і збіральніцтва. Адметная рыса помнікаў С.к. — шырокае выкарыстанне ў якасці загатовак для прылад працы адшчэпаў, часта з мелавой скарынкай. Адной з найб. выразных форм прылад з’яўляюцца наканечнікі стрэл з дакладна аграненых ножападобных пласцін. Сярод інш. прылад разцы, скрабкі, свярдзёлкі, праколкі, сякеркі з перахватам, авальныя, трапецападобныя, камбінаваныя і інш. прылады. На думку У.​П.​Ксяндзова, большасць помнікаў С.к. ўваходзіць у склад днепра-дзяснінскай культуры. На Беларусі вядома каля 14 помнікаў С.к. Найб. даследаваныя Журавель, Новы Быхаў і інш.

т. 15, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)